Адзін дзень з ксяндзом, юрыстам, дырэктарам сайта Catholic.by Кірылам Бардонавым
28 февраля 2018
  • Прочитали - 1014
  • Комментарии - Link
img
Моя среда

Некалькі тыдняў таму сяброўка напісала мне: «Ася, ты робіш артыкулы пра касцёлы і пра цікавых людзей. Ці не думала спалучыць гэтыя праекты і напісаць пра дзень ксяндза?»

Падчас працы над праектам пра самыя прыгожыя касцёлы Беларусі часта даводзіцца размаўляць з ксяндзамі. І кожны раз пасля чарговай сустрэчы лавіла сябе на думцы, што гутарыць з імі вельмі прыемна. Ад ксяндзоў, з якімі даводзілася камунікаваць, ішло святло. А яшчэ яны ўсе як адзін вясёлыя людзі. Не дзіва, што іншая экскурсія па касцёле цягнулася дзьве гадзіны. Узгадаўшы гэты пазітыўны вопыт, я пагадзілася з тым, што сяброўцы прыйшла выдатная ідэя, і запрасіла ў свой праект ксяндза Кірыла Бардонава.

«Бацькі мяне не адгаворвалі ад семінарыі, дазволілі самастойна зрабіць выбар, за што я ім удзячны»

Кс. Кірыл працуе дырэктарам афіцыйнага інтэрнэт-партала Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Catholic.by. Аб адзінаццатай мы сустрэліся ў рэдакцыі, якая знаходзіцца на вуліцы Кальцова. Найперш мяне сустрэў суседзкі сабака, пяцімесячны лабрадор Ола. Я ўжо падумала тут і застацца, але трэба было ісці працаваць :) У рэдакцыі, невялікім утульным пакоі, мяне і сустрэў кс. Кірыл. Ён працаваў, вырашаў свае дырэктарскія пытанні, а я тым часам разглядала вялікую мапу касцёлаў Беларусі, якая вісіць над яго сталом. Я адразу папрасіла сабе такую мапу, кс. Кірыл абяцаў падумаць, ці вартая я такога падарунка :)

У рэдакцыі пануе лёгкая атмасфера: супрацоўнікі жартуюць, перамаўляюцца — усё як паўсюль, дзе працуюць разумныя людзі з пачуццём гумару. Мне спадабалася дошка, на якой змешчаны кантэнт-план рэдакцыі, а таксама правілы для журналістаў, якія распрацаваў журналіст і рэдактар Catholic.by Ілля Лапато. 

Кс. Кірыл прапанаваў папіць гарбаты з печывам перад тым, як мы паедзем у Вілейку, на малую радзіму нашага героя, дзе ён прыняў рашэнне пайсці вучыцца ў семінарыю і служыць Богу. Мяне чакала экскурсія па касцёле ў Вілейцы, дзе, будучы школьнікам, кс. Кірыл стаў міністрантам пры ксяндзе Эдмундзе Даўгіловічы-Навіцкім.

За гарбатай кс. Кірыл запытаўся, адкуль у мяне такая цікавасць да касцёлаў (гэта пытанне я чую вельмі часта ад розных людзей). Адказала, што мне падабаецца найперш архітэктура касцёлаў, таксама я люблю арганы, але не менш істотнай з’яўляецца цёплая і прыязная атмасфера ў касцёлах, у якой мне вельмі хораша знаходзіцца. Падзялілася з ім тым, што размовы з ксяндзамі мяне вельмі натхняюць, дораць душэўны спакой, на што кс. Кірыл толькі ўсміхнуўся. 

Трэба сказаць, што наш сённяшні герой — даволі сціплы чалавек. Ён мала гаварыў пра сябе, не хваліўся сваімі поспехамі, нягледзячы на тое, што яны ёсць. Складвалася ўражанне, што кс. Кірыл больш любіць слухаць, чым гаварыць. І, што вельмі для мяне істотна, ён умее не толькі слухаць суразмоўцу, але і чуць яго. Для святара гэта акасць вельмі істотная. Але давайце вернемся да нашага дня. 

Пасля гарбаты мы паехалі ў Вілейку. Я была ў прадчуванні экскурсіі па неверагодна прыгожым касцёле. Падчас дарогі спытала ў кс. Кірыла пра яго пакліканне, мне была цікавая яго асабістая гісторыя. Заўжды цікава, чаму чалавек зрабіў свой выбар. Калі мы гаворым пра ксяндза, то гэта нашмат больш чым проста прафесія. Гэта лад жыцця, які немагчымы без паклікання і вельмі моцнай веры ў Бога. На гэтым шляху вельмі шмат выпрабаванняў, а паколькі ксяндзы — таксама людзі, іх не мінаюць крызісы веры, і сумненні ў слушна абраным шляху таксама бываюць. 

Кс. Кірыл распавёў, што, жывучы ў Вілейцы, у касцёле быў з маленства, яму падабалася атмасфера, якая там панавала. Пасля заняткаў хадзіў вучыцца ў каталіцкую школу пры касцёле. Маленькі Кірыл хадзіў на Імшу і хутка стаў міністрантам — дапамагаў ксяндзу, якім тады быў Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, чалавек, які вельмі шмат зрабіў для каталіцкай царквы. 

«Як выбіралі ў міністранты? Вельмі проста: альба сам святар прапаноўваў, калі заўважаў хлапчука, альбо абвяшчаўся набор і прыходзілі тыя, хто хацеў дапамагаць ксяндзу. Мне прапанаваў святар, спытаў, ці не хачу я служыць каля алтара. Мне было тады 10 год і спачатку я адмовіўся, пагадзіўся толькі праз год», — распавядаў кс. Кірыл пра свой шлях ў ксяндзы.

«За тры гады да сканчэння школы я ўжо ведаў, што пайду вучыцца ў семінарыю. Я цікавіўся гісторыяй, думаў, можа звязаць жыццё з яе вывучэннем, але ўсё ж абраў семінарыю. Бацькі мяне не адгаворвалі, дазволілі самастойна зрабіць выбар, за што я ім удзячны. Калі я яшчэ вучыўся ў школе і вырашаў, куды паступаць, быў у Будславе на каталіцкім фэсце. На Імшы цяперашні біскуп Юрый Касабуцкі, будучы яшчэ ксяндзом, падчас казання цытаваў словы з кнігі прарока Ісаі. Бог звярнуўся да Ісаі ў сне і сказаў: "Каго Мне паслаць? Хто пойдзе дзеля нас? І Ісая адказаў яму: Вось я, пашлі мяне…" 

Я стаяў у натоўпе тысяч вернікаў і ў гэты момант ксёндз паглядзеў на мяне. Так я пераканаўся ў сваім пакліканні і больш не сумняваўся».

«Многія сыходзяць з семінарыі: разумеюць, што гэта не іх шлях»

Мы ехалі паўз неверагодна прыгожыя мясціны, а мне было цікава, як паступіць у семінарыю, якія іспыты трэба здаваць, ці вялікі конкурс і ці ёсць ён увогуле. 

Аказалася, што конкурса ў свецкім разуменні няма: колькі людзей захацела паступаць і здало іспыты, столькі і вучыцца. На курсе кс. Кірыла было ўсяго 7 чалавек. Трэба мець атэстат аб сярэдняй адукацыі, здаць іспыт па агульных рэлігійных ведах і Катэхізісе.

Але самым галоўным дакументам пры паступленні ў семінарыю з’яўляецца характарыстыка твайго святара.   

Вучацца ў семінарыі трэба 6 год. Паводле кс. Кірыла, прыкладна палова, часамі дзьве трэці студэнтаў кідаюць вучобу. Некаторых адлічваюць, іншыя вырашаюць, што хочуць мець сям’ю і жыць свецкім жыццём.

Пасля семінарыі ў Пінску кс. Кірыл паехаў вучыцца ў Люблін на факультэце кананічнага права — па-свецкаму, на юрыдычным. Адвучыўся тры гады, атрымаў спецыяльнасць, цяпер вучыцца на доктара кананічнага права там жа, у Польшчы. Такім чынам, наш герой не толькі ксёндз, дырэктар Catholic.by, але яшчэ і юрыст, працуе ў касцёльным судзе. 

Мы ўжо пад’язджалі да Вілейкі, калі размова зайшла пра тое, што ў Беларусі — самыя маладыя па ўзросце ксяндзы ў Еўропе (так адбылося, бо ў савецкія часы не ішлі ў семінарыю ). «У свеце назіраецца тэндэнцыя павышэння ўзросту кандыдатаў у семінарыю: людзі ідуць у святары ў больш сталым узросце, калі ўжо пажылі, маюць жыццёвы вопыт, магчыма, нехта меў сям’ю, але жонка памерла і дзеці выраслі…» — адзначыў суразмоўца. Калі размова зайшла пра больш адміністрацыйную, чым творчую, пасаду дырэктара партала Рымска-Каталіцкай царквы, кс. Кірыл выказаў наступную думку: «У нас такія пасады звычайна давяраюць духавенству, на Захадзе ж больш давяраюць свецкім. Калі праца тычыцца адміністрацыйных абавязкаў, то яе давяраюць не толькі святарам. 

Я лічу, што ў нас з гэтым праблема і трэба навучыцца больш давяраць важныя функцыі свецкім людзям».

Гурт «Рыбы», пасыпанне галавы попелам і трапнае казанне падчас Імшы 

Мы прыехалі ў Вілейку акурат па заканчэнні Імшы. На падыходзе да касцёла сустрэлі некалькіх сталых жанчын, якія адбарадаваліся, пабаўчыўшы кс. Кірыла, спыніліся на кароткую гутарку з ім. Размова ішла пра Вялікі пост — быў яго першы дзень. Потым у нас адбылася цікавая экскурсія па касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Я пісала пра яго асобны тэкст. 

Распавёўшы шмат цікавых фактаў пра родны касцёл, кс. Кірыл патэлефанаваў пробашчу касцёла кс. Аляксандру і мы пайшлі на абед у плябанію. За вясёлымі размовамі мы паелі смачнай юшкі, папілі кавы. Я сфатаграфавала разам кс. Кірыла і кс. Аляксандра, мы развіталіся з ім і паехалі ў Мінск — нас чакала Імша, якую служыў кс. Кірыл.

Па дарозе ў Мінск мы, стомленыя размовамі ў першай палове дня, слухалі хрысціянскі гурт «Рыбы», які падабаецца нашаму герою. Прыехалі ў касцел Святога Роха, што на Залатой Горцы ў Мінску. Менавіта тут кс. Кірыл вёў Імшу. Я вельмі люблю гэты касцёл, пабудаваны ў стылі неаготыка ў 1864 годзе. Многія ведаюць яго дзякуючы таму, што да 2006 года тут была малая канцэртная зала Філармоніі. Але ў 2006 ён быў канчаткова вернуты вернікам і каталіцкай царкве. У касцёле — вялікі дзеючы арган, а таксама прыгожыя рознакаляровыя вокны. 17 лютага ў касцёле былі перапахаваныя рэшткі Магдалены Радзівіл, якая памерла ў 1945 годзе, загадаўшы пахаваць яе ў Беларусі. Нарэшце яе жаданне спраўдзілася. 

Перад Імшой мы зайшлі на урок да Надзеі Букі, якая вядзе ў касцёле студыю малявання для дзяцей і дарослых. Кс. Кірыл у дзяцінстве наведваў мастацкую студыю, хацеў памаляваць з Надзеяй, але не паспеў — спачатку трэба было вырашыць істотныя працоўныя пытанні (дапамог смартфон, які заўжды пад рукой), а потым ісці спавядаць людзей перад Імшой. Кс. Кірыл пайшоў, а я засталася ў класе і паздымала, як студэнты Надзеі малююць кветкі. Прыгожа :)

Урок скончыўся ў 18:30 і мы пайшлі на Імшу. Я не думала, што вернікаў будзе так шмат! Мы з Надзеяй ледзьве знайшлі месца, каб сесці. На Імшы ў касцёле я была ўпершыню. Прайшло два тыдні пасля яе, а ў мяне цела пакрываецца дрыжыкамі пры адным успаміне пра гэтыя паўтары гадзіны. Мяне вельмі ўразіла святочная і светлая атмасфера, якая панавала падчас Імшы, а таксама вялікая колькасць моладзі — усе такія маладыя і такія прыгожыя! 

Я ўжо шмат год не бачыла столькі прыгожых людзей, якія сабраліся разам для малітвы. 

Быў Папялец — першы дзень Вялікага посту, калі вернікам пасыпалі галовы попелам. Так я зразумела, што «пасыпаць галаву попелам» — не метафара. Але больш за ўсё мяне ўразіла казанне, якое падрыхтаваў кс. Кірыл. Ён звярнуўся да людзей з тлумачэннем Вялікага посту, распавёў, як лепш за ўсё правесці гэты час, як ачысціць сваю душу. І гэта была не нудотная лекцыя, а вельмі цікавае казанне, напісанае на сучаснай мове, зразумелае моладзі, якой было шмат у касцёле. Кс. Кірыл гаварыў, сярод іншага, пра сямейныя каштоўнасці, пра сеціва. Казанне мне вельмі адгукнулася, запала ў душу. Я — шчыра — проста заслухалася.  

Пасля Імшы, якая скончылася а 20-й гадзіне, кс. Кірыл пайшоў на заняткі ў Fides, душпастырства моладзі горада Мінска. Гэта серыя сустрэч моладзі старэйшай за 17 год з удзелам духавенства, часамі на сустрэчу прыходзяць цікавыя запрошаныя госці. У той вечар было шмат маладых людзей, многія былі ўпершыню. Мне спадабалася пытанне, якое задаў новым людзям кс. Кірыл, каб пазнаёміцца з імі: ён пытаўся пра мару маладых людзей. Хочеш-не хочаш, а слухаючы іх, задумаешся пра сваю мару :) Падчас сустрэчы кс. Кірыл расказваў пра сэнс Вялікага посту, вяртаючыся думкамі да свайго казання, якое паслухала моладзь падчас Імшы. 

Мне вельмі хацелася застацца да канца сустрэчы, але ж мяне чакаў каханы ў рэстаране — на дварэ было 14 лютага, якое свецкія людзі святкуюць як дзень закаханых. Я ехала ў таксоўцы і думала аб тым, што мне вельмі спадабаўся гэты дзень з кс. Кірылам. Ён быў светлым, карысным, духоўным. Гэта быў вельмі важны дзень для мяне асабіста. Вялікі дзякуй ксяндзу Кірылу, што дазволіў мне знаходзіцца побач з ім у яго сераду.